Общество

708

Педагогі і выхавацелі Рэчыцкага дома-інтэрната: «сэрцы аддаём дзецям»

 +

Сваю сённяшнюю назву – «Дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця» – установа атрымала ў лютым 2016-га. Год мінулы адметны паспяховым завяршэннем капітальнага рамонту ўсіх памяшканняў, што ўдалося зрабіць без часовага адсялення дзяцей.

Галоўны накірунак дзейнасці дома-інтэрната – забеспячэнне спецыялізаваных умоў для развіцця дзяцей, іх навучання, выхавання і сацыялізацыі ў адпаведнасці з узроставымі і індывідуальнымі магчымасцямі, здольнасцямі ды патрабаваннямі. Тут, у доме-інтэрнаце, добра разумеюць тое, што дасягнуць толькі што пералічанага магчыма толькі праз арганізацыю навучання па праграме спецыяльнай адукацыі з улікам і развіццём кампенсатарных здольнасцей дзяцей, пераадолення і зніжэння парушэнняў у іх псіхафізічным, інтэлектуальным і фізічным развіцці. Што садзейнічае адаптацыі ў жыцці грамадства з уключэннем ў актыўнае сацыяльнае ўзаемадзеянне.

Вялікае багацце дома-інтэрната – педагагічны калектыў. Тры настаўнікі маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, у дзесяці выхавацеляў – першая катэгорыя. Усе педагогі, выхавацелі і медыцынскія работнікі ўстановы добра разумеюць: дзеці з абмежаванымі магчымасцямі здароўя маюць патрэбу ў асаблівай падтрымцы, таму аддаюць хлопчыкам і дзяўчынкам усё цяпло сваёй душы, усяляючы ў іх надзею ды веру ў сябе. Менавіта таму дом-інтэрнат стаў для яго выхаванцаў па-сапраўднаму ўтульным.

На сёння ва ўстанове 49 дзяцей і 53 маладыя інваліды. Вучэбна-матэрыяльная база дазваляе на высокім узроўні праводзіць усю навучальна-выхаваўчую работу. Наймалодшыя наведваюць УА «Дзіцячы сад-сярэдняя школа № 1 г. Рэчыцы». У пяці спецыяльных класах і двух спецыяльных групах адукацыю атрымліваюць 32 выхаванцы дома-інтэрната (усе з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця).

Штогод дзеці праходзяць абследванне спецыялістамі цэнтраў карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Выхаванцы дома-інтэрната займаюцца ў класах-кабінетах, абсталяваных сучаснымі тэхнічнымі сродкамі навучання (камп’ютэры, сэнсарная, інтэрактыўная дошкі і інш.)

Для працоўнай рэабілітацыі дзяцей і маладых інвалідаў абсталяваны кабінеты сацыяльна-працоўнай адаптацыі, у якіх поўная магчымасць для асвойвання вышывання, шыцця, аплікацыі, бісерапляцення, гатавання ежы. У выніку фарміруюцца неабходныя навыкі, развіваецца маторыка рук, удасканальваецца гаспадарчае мышленне.

Выхаваўчы працэс паглыбляецца пазакласнымі мерапрыемствамі. Агульнаінтэрнатаўскія – «Дзень ведаў», «Дзень настаўніка», «Навагоднія святы», «Дзень абаронцаў Айчыны», «Дзень абароны дзяцей», «Клуб выхаднога дня», «Дзень імянінніка» і інш.

Вызначаючы задачы і асноўны змест сваёй дзейнасці, педагагічны калектыў дома-інтэрната зыходзіць з таго, што ў фарміраванні сучаснага чалавека мэтазгодна выкарыстоўваць толькі самае перадавое і прагрэсіўнае. І гэта дае станоўчы плён.

Выхаванцы дома-інтэрната бяруць актыўны ўдзел у раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, спартакіядах па шматлікіх відах спорту. Займаюць прызавыя месцы. Калі браць на сёння, то выхаванец інтэрната Вадзім Ліпінскі трэніруецца ў Германіі, каб узяць удзел у будучай паралімпіядзе ў Паўднёвай Карэі па санна-ролернаму спорту.

Дзеці школы-інтэрната – пераможцы абласнога фестывалю «Музычны экспрэс», абласнога конкурса мастацкай самадзейнасці «Парад талентаў» сярод пражываючых у стацыянарных установах сацыяльнага абслугоўвання. Штогод вяртаюцца з дыпломамі за вакальнае выкананне, атрыманымі на міжнародных фестывалях творчасці дзяцей і маладых людзей з інваліднасцю «Свет без межаў». Дыплом «Лепшы тэатральны калектыў» (намінацыя «Танцавальны калектыў») стаў набыткам на XI рэспубліканскім фестывалі «Вясёлкавы карагод». Яшчэ адным дыпломам была адзначана выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўстановы.

На рэспубліканскім конкурсе па танцах з каляскамі першае места ў згаданага вышэй Вадзіма Ліпінскага і Вікторыі Сафронавай.

У мінулым годзе юным артыстам інтэрната пашчасціла выступіць на знакамітай сцэне «Славянскага базару» (г. Віцебск) разам з Аляксандрам Саладухам.

Выхаванец Адам Эсерт дык і наогул стаў героем Беларускага тэлебачання, бо меў сустрэчу з сусветна вядомым Нікам Вуйчычам (чалавекам без рук, прапаведнікам, бізнесоўцам, мецэнатам, аўтарам пяці кніг, у якіх «чырвонай ніткай» праходзіць думка аб магчымасці быць шчаслівым нават пры сур’ёзных парушэннях здароўя).

«Спачатку любіць, потым вучыць». Гэта дэвіз чэшскага асветніка Я. А. Каменскага. Але ён – аснова дзейнасці як педагагічнага калектыва інтэрната, так і яго выхаванцаў. Дапамагае наладжванню па-сапраўднаму шчыра-сяброўскіх адносінаў.

Значная дапамога ў духоўна-маральным выхаванні дзяцей заўважна з боку святара Мікалая рэчыцкай царквы Пакроў Прасвятой Багародзіцы.

Калі казаць пра педагогаў дома-інтэрната, дык найперш хочацца згадаць Вольгу Мікалаеўну Хамянок (працуе 25 гадоў). Была выхавацелям, апошнія 15 год – намеснік дырэктара па выхаваўчай работе. У мінулым годзе атрымала падзяку ад прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь А. У. Кабякова. Тым самым адзначаны яе шматгадовая плённая праца, узорнае выкананне працоўных абавязкаў, значна-асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі сацыяльна-працоўнай сферы.

Сапраўдным педагогам-энтузіястам з’яўляецца Тамара Аляксандраўна Пабедзенка. Гэта ж яна расціла і пераможцаў рэспубліканскіх спаборніцтваў, і нават алімпійскіх чэмпіёнаў.

Гэтаксама высокі аўтарытэт маюць выхавацелі Наталля Аляксандраўна Саранчук і Алена Міхайлаўна Скоблава.

З улікам узроставых і індывідуальных магчымасцяў дзяцей, іх схільнасцяў і здольнасцяў будуюць работу выхавацелі Гульнара Нармаметаўна Аршанінава і Ірына Мікалаеўна Грышына.

Адметна-ўласны «стыль» у выхавацеляў Святланы Іванаўны Гапоненкі і Ніны Мікалаеўны Чарнышовай.

Паспяховы вопыт работы педагагічнага калектыва і выхацеляў школы-інтэрната
шмат разоў разглядаўся на семінарах, канферэнцыях педагагічных аб’яднанняў гарадского, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.

Які ж дом-інтэрнат сёння? Тут створаны ўсе ўмовы для шматграннага развіцця дзяцей, для дапамогі ім з цягам часу адаптавацца ў жыцці, працягваць навучанне, знайсці сябе ў розных галінах народнай гаспадаркі. Так, Аляксандр Страховіч – студэнт 4-га курса БДУ, Аляксандр Сівадзед – студэнт універсітэта культуры, Артур Івашкевіч паспяхова набывае спецыяльнасць у Калінкавіцкім аграрным каледжы. Што да Сяргея Сапоненкі, дык ён вядомы ў рэспубліцы паэт. Хрысціна Бетанава і Міраслава Калінічэнка працуюць швачкамі. Аляксей Ніканчык знайшоў сябе ў Мінскім гарадскім цэнтры сацыяльнай дапамогі, актыўны валанцёр. Алег Кульчы доўгі час узначальваў Гомельскае абласное таварыства інвалідаў.

Адміністрацыю ўстановы, яе старанне бачны паўсюдна. Нават у маладым садзе, у якім звыш сотні яблынь ды груш. А рамонт, забеспячэнне мэбляй, тэлевізарамі і іншым? За ўсім гэтым таксама дырэктарскі клопат. Як і ў набыцці новага аблічча фізіятэрапеўтычнага, працэдурнага, стаматалагічнага кабінетаў, кабінета лячэбнай фізкультуры, трэнажорнай залы. Калі пералічваць і далей, дык спатрэбіцца дадаткова добрая старонка.

Калі ж кароткім словам, дык Рэчыцкі дом-інтэрнат годна нясе прызначэнне ўстановы, цалкам адпавядаючай мэце ўсебаковай дапамогі дзецям і маладым інвалідам.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети