Общество > Сельская жизнь

2730

Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло

 1

На Новы год нас з мужам родзічы запрасілі да сябе ў госці. Зіма якраз той перыяд, калі клопаты земляробчыя яшчэ не турбуюць, таму можна расслабіцца і пагасцяваць. Так мы згадзіліся на паездку на Вілейшчыну.

За сталом чарка за чаркай і пайшла гамонка то пра тое, як было раней, то як цяпер жывецца і старым, і маладым.

Родзічы жывуць у кватэры, але, прызнаюцца, цягне на бацькаўшыну… Там – бацькоўская хата, родны падворак, зямля… І пакуль жывыя бацькі, наш сыноўны і дачэрні абавязак дапамагчы ім чымсьці, напрыклад, па гаспадарцы.

Як звычайна, ў мінулым годзе Міхаіл Іванавіч, яго жонка Наталля Леанідаўна ды яе брат Уладзімір Леанідавіч у маі паехалі садзіць бульбу на прысядзібным участку бацькі. Усталі зранку, бульбачку прыгатавалі, агарод прыбралі, коніка запрэглі. Дружна ўзяліся за працу. А тут сваю дапамогу прапанаваў мясцовы хлопец-халасцяк Сямён. Ну, што ж адмаўляцца, калі ёсць такі намер у земляка? Калі ласка! Надвор’е якраз спрыяла: цёпла, ні ветру, ні дажджу. Ды і конік хадзіў як трэба, слухаўся аратага. Баразна за баразной укладвалі бульбачку. Шчыра папрацавалі талакой і да абеда справіліся з пастаўленай задачай: бульбу пасадзілі і пад грады ўзаралі. Стаміліся. Пайшлі абедаць і Сямёна запрасілі. Бо ведалі, што ён, стары халасцяк (гадоў пад сорак), не нагатуе сабе, каб пад’есці. Ды і ёсць ў яго адно слабае месца – ніяк не можа процістаяць «зялёнаму змію». І не скажаш, што гультай, але калі вып’е кілішак спіртнога, то не можа спыніцца на гэтым. Адным словам, бяда. А жыць жа чалавеку трэба. Ну, няма жонкі, каб пакіравала, дзесьці ад згубнага напою супыніла, кухталёў надаваўшы. Вось і плыве мужчына па цячэнню, не задумваецца пра сэнс жыцця…

Як ускалыхнуць маладога мужчыну, каб ён узяўся за розум і адмовіўся ад заганы? – думала Наталля Леанідаўна (яны з мужам абодва настаўнікі). Раптам за абедам яна прапанавала:

– А давай, Сямён, і табе бульбачку пасадзім!

– Насенне засталося, ды й араты не супраць, – падхапіў яе брат Уладзімір. – Апрацоўваць будзеш, то і бульбачка на зіму будзе свая.

– Ды не, – бы саромеючыся ці то баючыся таго абавязку, не згаджаўся Сямён.

– Ты ж вясковы хлопец! – не здавалася Наталля Леанідаўна. – Работы баішся? Давай згоду зараз – у выйгрышы будзеш потым! Талакой хутка зробім! – напорыста атакавала жанчына.

Такім чынам прысядзібны ўчастак Сямёна быў засеяны бульбай да канца таго ж дня. Задавальненне з’явілася на яго твары, і адчуваў ён сябе сапраўдным гаспадаром. А суседзі-гараджане спадзяваліся, што далі нейкі шанец мужчыне на выпраўленне.

Аднавяскоўцы дзівіліся:

– Няўжо Сямён за галаву ўзяўся ці жаніцца сабраўся?

І завалачыў свой агарод, і абагнаў бульбу. А тая як на дражжах расце, ды так дружненька зацвіла…

Надарылася так, што памёр яго сваяк дзядзька-пчаляр, дарэчы, доўгажыхар, які жыў непадалёку ў іншай вёсцы. Адправіўся Сямён праводзіць яго ў апошні шлях.

А дзядзьку таго нават «лекарам» мясцовыя называлі. У каго спіна балела – пчол ставіў, то настойку праполіса, каб горла паласкаць, то націранне нейкае даваў для ног, то яшчэ што акрамя мёду. У яго пчалярцы безліч нейкіх бутылёчкаў, слоікаў з настоямі. Тут і грыб «Вясёлка», і падмор, і праполіс, і пярга. Некаторыя бутылёчкі падпісаны, іншыя – не. Хто тут разбярэцца? На памінках удава нябожчыка баба Наста прамовіла:

– Выкідаць буду тыя настоі, бо не разбяруся я ў іх...

– Што Вы! Не трэба! Забяру я, – узрадаваўся пляменнік. Ні для каго не было сакрэтам, што Сямён быў хворы на сухоты і штогод праходзіў лячэнне ў фтызіятрычным дыспансеры.

– Толькі па лыжцы спажывай «Вясёлку» – яна ж ядавітая; праполіс, падмор і другія настойкі таксама па лыжцы і не болей. Абяцай, што так і будзе, а то не аддам, – патрабавала бабуля.

Ніхто не ведае, як гучала тое абяцанне, але ўвесь арсенал лекаў ад бабулі Сямён акуратна ўпакаваў і даставіў дадому. Там ён сам сабе быў і аптэкар, і ўрач...

Тых напояў на тыдзень з невялікім хапіла. Не толькі настой “Вясёлкі” выпіў, але і грыбы тыя паеў! Тое засведчылі мясцовыя жыхары, якія з недаверам глядзелі на выпівоху, асцерагаліся, каб чаго дрэннага не здарылася. Жах ды й толькі! Але ліха мінула…

А ў сярэдзіне ліпеня Сямён зноў здзівіў аднавяскоўцаў: пачаў капаць сваю бульбу. Што ён надумаў, не разумелі. Людзі імкнуліся спыніць, маўляў, з чым ты застанешся на зіму? (Капаў са сваім сябрам-
сабутыльнікам.) Але нікога не паслухаў, выкапаў ўсю і прадаў як раннюю па даволі высокай цане. А потым, ведама, на тыя грошы шыкаваў: купляў у мясцовай краме водку, віно, піва.

У пачатку восені да Сямёна завітала фельчар і нагадала, што трэба здаць аналізы і зноў адпраўляцца на лячэнне ў дыспансер. Забягаючы наперад, скажу, што на тое ён і разлічваў. Паехаў герой нашага аповеду ў райбальніцу, здаў аналізы. А праз некалькі дзён сабраў свае рэчы, каб класціся ў стацыянар. Але там паведамілі, што аналіз выдатны і ён больш не хворы.

– Як гэта? Не можа быць. Можа, вы што пераблыталі? – з недаверам казаў Сямён, незадаволены станоўчым рэзультатам.

Але і другі раз, і трэці медыкі канстатавалі: «здаровы».

– Ёлкі-палкі, – чухаў патыліцу Сямён. – І бульбу прадаў, спадзяваўся на «зімоўку» у лячэбнай установе. Вось дык пракол!

А неўзабаве мясцовы лайдак на працу ў лясгас падаўся.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети